Верш Мне б кахання светлага
Мне б кахання светлага… як піва!
Гэткага ж з гарчынкай лёгкай, хмельнага.
Каб яно мне на душу разліла
шчасця ўрачыстага вясельнага.
Ды бяда: дзяўчаты прапануюць
мне сівухі моцнай ды палёнай.
Калі з імі п’ю, мяне шануюць.
Раніцой – пахмелле ды праклёны.
Аспірынам іх лячыць ня варта,
з цягам часу сыйдзе гэты боль.
Калі не, дык лепшы сродак – кварта
пачуцця сапраўднага – любоў.
Абыйшоў у пошуках усе бары
цягам доўгіх восеньскіх начэй.
Углядаўся ў постаці, у твары,
у святло ўсмешак і вачэй.
Мне чужых ня трэба прыгажуняў.
Я аддам заўсёды перавагу лагерам
айчынным і красуням,
што спатоляць сэрца майго смагу.
Чэшскія, нямецкія гатункі,
балтыка, швітурыс, абалонь?..
Беларускі – лепшы паратунак,
нібы ўзімку ў коміне агонь!
З Берасця ты, з Ліды ці з Бабруйску,
твой аб’ём і твой акцызны знак –
мне ня важна, калі ёсць на вуснах
незабыўны водар твой і смак.
Я ўпэўнены, што ўрэшце мне пашанціць
адшукаць свой ідэал дзявочы.
Ведама ж, зусім не ў піве шчасце,
а ў той, хто з табою піва смокча.