Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Маналог “тутэйшага”

Ахвярую Максіму Танку

Люцыян, уяві, ты адзін,
ты застаўся адзін на славяншчыне,
і нікога няма, паглядзі,
і нікога з Купалавай спадчыны,

І забралі жанчыну тваю,
віна налілі ёй атрутнага,
загадалі: адпі за сям’ю,
а да дна – за радзіму акрутную,

І сканала жанчына твая,
і памерла радзіна апошняя,
і паглохлі зязюлі ў гаях,
а ў нябёсы ўсмакталіся коршакі,

Захлынуўся крывёю Пярун,
зразумеўшы ў запозненым плачы,
як сваёю крывёю Гарун
і ягоную кроў прадбачыў,

І зліліся ў адну раку
і атрута, і кроў, і слёзы,
і на выспу, як на руку,
селі коршакі, як залозы.

А ў тваім, Люцыян, Дняпры,
што жывіў спакон веку гоні,
тры русалкі, славянкі тры
янычаравых мыюць коней,

А ў тваім, Люцыян, Сажы
на грудзёх з камянём пудовым
твой паэт апошні ляжыць,
бы ў труне – у Сажы лядовым.

Ты адзін, ты адзін, ты адзін,
ты застаўся адзін на славяншчыне,
і Радзіма твая, паглядзі, –
русакосая янычаршчына,

А калісьці ты гаварыў,
а калісьці ты нават кляўся:
не патухне Зніч на Гары!
Ён патух. Ты яму пакайся

За ягоны пакутны прах,
за Радзіму сваю нявінную,
янычары яе ў палях
крумкачам ды ваўкам пакінулі,

Ты пакайся за свой спакой,
што зубамі не грыз вяроўку,
бо здушыўся і ты на ёй,
ад жывёльнага поту мокры,

Кайся, кайся за свой жывот,
не забудзься і пра Купалаў,
бо цяпер ты адзін – народ,
быццам храм на шляху вандалаў.

ДЫ ПАКУЛЬ ТЫ ЯШЧЭ ЖЫВЕШ,
ЗАПАЛІ ПРАД КУПАЛАМ СВЕЧКУ,
ПРАЧЫТАЙ I СПАЛІ МОЙ ВЕРШ,
А ВАНДАЛАМ СКАЖЫ:
Я ВЕЧНЫ!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Маналог “тутэйшага” - Анатоль Сыс