Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Залатое зярнятка праўды

ЗАЛАТОЕ ЗЯРНЯТКА ПРАЎДЫ
(філасофская казка)

Пралог
Знікаюць народы з аблічча зямнога,
Як ранкам пад промнямі сонца раса,
Як снег на адхонах вялікай дарогі, –
І свішча, і косіць нястомная смерці каса…
Падранкам канаюць людскія плямёны
Наўзбоччы, як птушкі, сцякаюць крывёю
І б’юць у пылоце слабымі крыламі –
І свішча, і гойсае смерці каса…
Была Атлантыда, ці толькі прымроіў
На піры мірскім старажытны Платон?..
Выходзяць з нябыту зямныя героі,
Наноў спасцігаючы вечны закон.
Ячшэ не аселі ў нізіны патопныя воды
І голуб, што ў дзюбцы галінку прынёс,
Не спрахнуў у сёмым патомстве – сыйшліся народы
І вежу будуюць да сёмых нябёс.
Знікалі народы з аблічча зямнога,
Расталай вадою да Леты плылі –
І зноў бунтаваў чалавек супраць Бога,
І зноў ён сціраўся са твару Зямлі.
Садом і Гамора лізалі халоднае неба
Агністым, чырвоным як жар, языком –
Дарэмна жанчыне казаць, што “не трэба
Назад аглядацца!..” – і Лотава жонка стаўпом
Саляным знерухомела на Палесціне,
Як помнік спрадвечна упартай жанчыне.
Ахейцы вайною прыступяць да Троі:
Любоў ці жаданне здзяйсняе намер?
Ці ж гэта пытанне? – Куды больш складаней
Загадка біблейскага Ноя:
Унук нарадзіўся пад імем Гамер…
………………………………………
Не помню! Не помню!!! Нічога не помню:
Якімі шляхамі блукала душа?
Напэўна, купалася ў сонечных промнях,
Пакуль маё грэшнае цела знайшла.
Анёлы нябесныя песні спявалі,
Салодкіх мелодыяў дзіўныя гукі
Паволі сціхалі. Мяне выпраўлялі
Ў жыццё на пакуты, на доўгія мукі.
І плакаў мой Ангел-Храніцель (Анёл-Паратоўнік),
Прыкрыўшы блакітныя вочы бялёсым крылом,
І так гаварыў мне: “Дарогу запомні
Назад да крыштальных харомаў,
Хутчэй варачайся,
Мы будзем чакаць цябе дома!”

1
Казкі мовяцца не дзецям,
Хоць і слухаюцца імі.
Дзесьці ў Новым Запавеце
Напісана, што малымі
Быць павінны ўсе на свеце:
Каб у царства Херувімаў
Трапіць – трэба быць, як дзеці…
І не пройдзе вечнасць міма.
Нам дзяцей вучыць не трэба,
А, хутчэй, вучыцца ў іх,
Бо яны гавораць з небам,
У дзяцей анёльскі слых.
Прыгадай сябе малога –
Не страшыўся смерці ты,
Бо тады хадзіў пад Богам,
А цяпер – ад Сатаны…
А цяпер грызе сумненне,
Розум вялы ад узросту…
А ў Мадоны на каленях
Немаўлятка…
Гэтак проста
Светлавока паглядае:
Дзень і Час дакладна знае,
Што павек не ўведаць людзям.
“Се гряду!” – сказаў, – і будзе!

2
Ісціна за ўсё найлепей,
Але хто яна такая?
Чалавека з гліны лепяць
І на неба не пускаюць,
Аж да той пары, пакуль
Не рашыць, як двойчы два:
Цела – гэта боскі нуль –
Рукі, ногі, галава…
І няма прасцей задачы:
Разабрацца, што ёсць “Я”?
І няма цяжэй – іначай
Сэнс губляецца жыцця.
Мусіць, ён ад нараджэння
Неўтаймоўны чалавек –
Доўг спасцігнуць прызначэння,
А ў яго кароткі век.
Зразумець не проста гэта:
Акром плоці і касцей –
Нешта ёсць і ад Сусвету,
Ад няведамых гасцей.

У бязмежнай зорнай сечы,
Нібы ў полі на вайне,
Дух гартуюць чалавечы.
Круціць лёс вірлівай цечай
Нас, як глей па самым дне.

3
Казкі пішуцца дарослым,
Каб яны ў будзённым тлуме
Не бяздумнелі з узростам,
А прывучваліся думаць;
Каб да Бога іскру ў душах
Праз вятры жыцця пранеслі.
Там надзею не патушаць,
Дзе пяюць саборна песні.
Помняць дзе вякоў паданні
І цячэ Жывое слова
З вуснаў у другія вусны,
З сэрца – да шматлюбных сэрцаў.
Толькі там Зямля паўстане,
Перародзіцца нанова
І ўзляціць надрыўна-грузна
Аж да зор праз гора церняў:
Чалавецтва тады стане
Для ўсясвету спелым зернем.

Міф існуе, што калісьці
Там, дзе “пояс астэроідны”,
Танцавала па арбіце
Таямнічая планета,
Назву мела – Фаэтон.
Шлях духоўны ёю пройдзен:
Прарасла скрозь воды Леты
І цяпер ляціць сусветам
Праз таемны нам Эон.

4
Праўды болей у сказаннях,
У легендах і паданнях,
У паганскіх забабонах,
Чым у доследах вучоных.

Праўда – вузкі шлях адзіны,
Што вяртае душы небу
І ў апошнюю гадзіну
Апраўдае нас.
Так хлебам
Спелай жнівеньскай парою
Аддае за працу глеба
Доўг свой нівай залатою:
Шчыра дзякуе аратай
Сонцу, праху і зярнятам.

Час жніва…
І хутка трэба
Падрыхтоўвацца на бой:
Барані Святое Неба,
Асвяці жыццё сабой!

Хоць прыкуты Дух да цела,
Нібы дрэва да карэнняў –
Вымушан брысці збалелым
Па зямному сутарэнню.
Рвёмся духам у нябёсы,
Часткай светлаю богоў, –
Цела ж хіліцца калоссем
Важкай думкаю далоў.
Здабываем хлеб надзённы –
Забываем аб душы,
Быццам небам нараджоны
На зямлі жыццё грашыць.
Клопат наш – грахі і грошы!
Не відаць яму канца,
Тлумам гэтакім сурочым
Прагу вечанага жыцця.
Веру ў казку, з часам – болей.
Без яе куды ж ісці?
Не збываюцца ніколі
Мары нашыя ў жыцці,
Значыць, здзейсняць нашы мары
У староначцы захмарнай,
А не толькі спраўдзяць сны.

Выйду за сяло, у поле,
Што валошкамі плыве –
Дзесьці ў ветраным раздоллі
Добры Казачнік жыве.
Я насупраць ветру стану,
Тройчы выгукну наўкол –
Рэха дрогкае растане,
Ападзе расой на дол.
А затым з сівым туманам
(Ці не сніцца гэта мне?)
Добры Казачнік паўстане,
Цуда-Казку так пачне:

“Шмат красуе на Палессі
Кветак розных і людзей:
Тут лілеі і пралескі,
Лотаць тут вясной цвіце.
Журавінны край, азёрны:
За Дняпром ёсць тры ракі –
Там Святое Лукамор’е,
Там ёсць скарб…
І там вякі
Слухаць можна чуткім вухам,
Там ёсць месца Залатуха,
Дзе жыве Вучоны Кот
І ўсё ходзіць з году ў год
Па жалезным ланцугу,
Ходзіць задам напярод,
Бо гады няўзнак бягуць –
А ўсё спіць славянскі Род.
І калі раней налева
Прамаўляў Вучоны казку,
А направа спеў заводзіў,
То цяпер: на мяжы тысячагоддзяў
Прамурлыкаў Коцік:
“Годзе!
Люд свой байкамі карміць!” –
Бо ўжо тут усёй Прыродзе
Жыць альбо зусім не быць.
І сягоння ўніз ён казку мовіць,
А ў паднеб’е спеў заводзіць.
Бо ячшэ жыве славянскі дух
Паміж Моствай, Львой і Сцвігай.
Ёсць спадзеўка на адлігу:
Дзя стаяць за праўду ўдвух –
Не змярцвее боскі рух.

На Белай Русі два ёсць царствы,
Два Трыдзевятыя, але ж –
Адно Святое Лукамор’е.
У першым царстве ты ўрадзіўся,
Царквою божай ахрысціўся –
Яно за вёскаю Альшаны,
Ад Турава з дзесятак міль…

Другое – за ракой Альшанкай,
Дзе цэнтр знаходзіцца Еўропы,
Каля муроў князёў Гальшанскіх –
Там чарнакніжнік-ліхадзей
Зачараваў усіх людзей.
Там на касцях стаяць касцёлы,
Там Браніслаў са Станіславай
Гаруюць жытку невясёлу
І плачуць па сваёй дачцэ,
Схіліўшы голаў долу нішкам,
Бядуць доляй Веранічкі.
Да гэтага мы вернемся яшчэ.

Вядун бяжыць да Мужаў-Дуба,
Пярэваратнем лезе па кары,
Затым далоў саскочыць груба
І ваўкалакам гойсае ў бары;
Арлом лятае ў паднябессі,
Узмахваючы крыламі ўгары,
Рассейвае чырвоныя аблокі,
Пранізаныя месячным святлом,
У шлях пускаецца далёкі:
Да Мора Хвалынскага,
Да вострава Буяна,
Да Бел-гаруч каменя –
І там
Ён ліжа камень Алатыр,
Каб моцаю напоўніцца зямною…
Паўстаў народны правадыр
Дзеля Прыроды Новым Ноем”.

І далей прыпамінае
Казку вешчай даўніны.
І чароўна раскрывае
Тайны роднай стараны:
“Слухай, хлопец, у народзе
Вельмі шмат паднняў ходзіць,
Соль жа ўсіх такіх казанняў
Праўда Божая.
Цяпер
Раскажу табе адно,
Хочаш вер, а хоч – не вер,
Распавед мой вось які:
З той пары прайшлі вякі…
Вы не бачылі ніколі
Той гаючай стынь-вады:
Іншаю была там Воля,
І інакш цяклі гады.
Сёння ж вы, як пераспелы
Колас жыта на палях:
Дзьмухне ветрычак нясмелы –
Замест плёну толькі прах…”
І пакуль лунацьме рэха
Аж да ранку па гаях –
Будзе Ён вясці няспехам,
Як жылі і жыць нам як:
“Вы тады не зналі гора,
Дружнаю жылі сям’ёй,
Хвор лячылі загаворам,
Чулі сэрцам голас мой.
Акрылёныя малітвай,
Бараніліся бяды,
І вялі святую бітву
Вашы шчыльныя рады.
Быў адвечны бой, якому
Не відаць яшчэ канца,
Бой за Праведнасць Законаў
Духа, Сына і Айца;
Бой, каторым спараджоны
Не для гульбішчаў і ўцех,
Бо не дрэмлюць легіёны,
Што ўкусілі першы грэх.

Доўга вы жылі, шчасліва,
Толькі коратка паданне –
Зноў жа, так і не змаглі вы
Адалець адно пытанне:
Вечны грэх зямны – гардыня:
Не хацелі нават слухаць,
Што замешаны на гліне,
А не толькі чыстым духам.
Пралілася небам кара
Мёртвай і жывой вадой,
Мёртвай – хто грахом цяжарны,
І жывой – такім, як Ной.
У дзікунскую Еўропу
Непралазным воўчым тропам
Статкам беглі ад бяды,
Уцякалі ад патопу
Жыватворнае вады.
І за вамі Атлантыда
Апускалася на дно,
Зноў пачатак – з палкі, дзіды,
Зноў надзеі не відно.
Зноў вы гліна, проста гліна,
Чарвякі, жывёльны свет,
І павольна зноўку з тлена
Вырастае чалавек.
Вось адчуў агеньчык Божы-
Зноў гардыняй абуяны,
Зноў пытаннем растрывожыў
Землі ўсе ды акіяны”.

Я стаяў, глядзеў і слухаў,
Што мне Дух распавядаў:
Нада мной гудзела муха,
Конік зводдаль цвыркатаў,
І на лузе, нібы сонцы,
З краю ў край цвілі рамонкі.
“Дзе ж тут зло?”-“Усё цудоўна!”
“Дзе грахі тут і гардыня,
Што вяшчун мне паратоўна
Гаварыў аб іх прычынах?”
Раптам муха прама з лёту
Заблыталася у цянётах,
А па тонкай павуціне
Падпаўзае крывасмоўка;
Вось праз нейкую хвіліну
Муха цененька гудзе –
І павук сабе, як дока,
Кожну лапку па па чарзе
Аплятае бестурботна
Хітрай пасткай.
Быць бядзе!
Нахіліўся я над краскай
І пачуў нарэшце казку.

“Ў зачарованай дзяржаве
Пасярод глухіх бароў
На балоце жыве Жаба,
А ў яе людская кроў.
Мае сэрца чалавека,
Сэрце дзеўчыны-душы
І амаль што кожны вечар
Да яе паўзуць вужы.
Тлустых сорак семь паганых
Смокчуць сэрца ад таго,
Што яна дзеля кахання
Бацьку выкляла свайго.
Не змяіная царэўна,
А людзіна – ёй баліць…
З году ў год, да трэціх пеўняў
Крой вужакі мусяць піць.
Крой праклёну, як насенне –
Зло расце, нібы грыбы,
І цяпер у кожным дзейні
Прыпляцецца чорт рабы.
Разбрылося зло па свеце:
Брат на брата, на сястру…
І разнес шалены вецер
Сатанінскую іскру.
Распаўзліся зла пачвары,
Нібы маюць сотні ног:
Хутка ўсчнуцца душ пажары –
Поўны д’яблаў чыгунок!
Хто ж душу сваю сцяжарыць?
Хто б пасіліць ношу змог?
Мукі вечныя народам:
Сто вякоў…
Няма зыходу!

Гэта цяжкая работа:
Адалець раба ў сабе,
Гадаўё расціснуць ботам,
Што душу тваю скубе.
Плодзіць Жаба ўсяк заразу,
Хоць і дзеўчынай была
І яшчэ ніводным разам
Губ не зведала сама.
Прыгажосці небывалай:
Паглядзіш – зацьміцца свет,
На зямлі ячшэ не славіў
Такой пекнасці паэт.
Звалі ж проста яе – Вера,
Ніка – прыйдзе апасля,
З ВераНікі ўзыйдзе Эра,
Эра новага жыцця.
Быццам сонца на Усходзе
Падымае новы дзень,
Так яна ў сваім народзе
Радасць несла да людзей.
Валасоў пратуберанцы,
Шчырасць чыстая вачэй –
Праз яе Анёлы ранкам
Зводзяць неба да людзей.
Вось яно, прыйшло Каханне
Вышынёй да самых зорак,
Але д’яблавым стараннем
Чысціню забрудзіў морак;
І душу лавілі пасткі,
Па-жывому сорца рвалі –
І да роднага да бацькі
Ад дачкі праклёны ўпалі.
З той пар і Жабай стала,
І па свеце множыць зло,
І ўцінаюць сэрца джалам,
Што любові соль было.
Несканчоны тыя мукі
І цярпець ёй век – не збыць,
Гэта – Бажая навука
Сэрцу, здольнаму любіць.
І калі канец – не знаю,
Мо тады, як прыйдзе Ён,
Можа, ў жніўні, можа ў маі –
Разаб’е цяжкі палон.
Сто вякоў яна чакае
І збавення дня не знае.

Імя д’ябал спалавініў
І душу – напапалам.
Сто вякоў чакаць дзяўчыне –
Сто вякоў надзеі нам
На святое выбаўленне.
Аж пакуль зямля народзіць
Пяцьсот сёмым пакаленнем
Божай тайнай малайца,
Які схоча прынародна
Пажадаць яе вянца.
Не збаяцца мукаў цяжкіх
І душой ахвяраваць,
І ў няроўнай з д’яблам цяжбе
Зваяваць чужынцаў раць.

… Час ляцеў.
Старэлі людзі.
Восень сыпала лісты.
Многа душ гібела ў блудзе:
Не злічоны шал бяды.
Не адно прайшло стагоддзе,
Праляцеў за векам век –
Хлопец гэты не прыходзіць,
І ляжыць нясплатным грэх.

Напачатку ён павінен
Адракчыся ад людзей.
Першы раз крывёй астыне –
Гэта будзе першы Дзей!
Нелюдзімым сярод люду
Жыць бязмоўна тры гады,
Волю вольную здабудзе
І, нарэшце, ужо тады
Адракчыся ён павінен
Бацькі, маці і сям’і.
Другі раз крывёй астыне –
Гэта будзе Дзей другі!
Ад бацькоўскага праклёну
Збегчы ў лес і на вярбе
Веснавой парой зялёнай
Адракчыся ад сябе.
Дзей жахлівы, лікам трэцці –
Незваротны ён ужо,
Бо як толькі адрачэцца –
На зямлю спаўзе вужом.
Сем гадоў павінен поўзаць
Слізкім чэравішчам, каб
Без памылкі змог адрозніць
Жабу-Дзеўчыну, ад – жаб.
Яснай ночкай на Купалле,
Калі Папараць цвіце
І Русалкі водзяць балі –
Да яе ён дапаўзе.
А купацца Сонца стане
У срабрыстых аблачынах –
Ён павінен на світанні
Дакрануцца да Дзяўчыны.
Цяжкі момант, ні хвілінай
Не раней, ані пазней
Дакрануцца губ павінен
Як святло нябёс блісне.
Калі раньш кране Дзяўчыну –
Скамянее ў вечным сне.
І каханне з ёй астыне,
Назаўжды людзей зміне.
Як паней ён дакранецца –
Будзе большаю бяда:
Сэрцы Жабы здрыганецца,
Шугане вада агнём,
На зямлі пажар пачнецца,
Нібы ў пекле зажывём.
Пасля гэтага ніколі
Не спазнаюць людзі волі.

Кожны правіць сваім лёсам –
Ён азначаны пячаццю:
Шчэ нікому не ўдалося
Адступіць хаця б на пядзю.
Можна ўправа, можна ўлева,
Можна нават і назад –
Толькі Жабай будзе Дзева
І квітнець не стане Сад.
Ад зняможанай работы,
Барацьбы ў самім сабе –
Кроў праступіць замест пота
На яго людскім ілбе,
І сцячэ цурком па твары,
Як салёная сляза, –
Вышні Дух Шаданакару
Яму гэтак наказаў.
Сваім лёсам правіць кожны,
Ды не той, хто сем разоў,
Па зямному бездарожжу
Вузкай сцежкаю прайшоў.
І жыве, як хоча, кожны,
Як ніхто не пасылаў:
Ён жа – шабля ў дзіўных ножнах:
З Небам звязвае Зямля.
Выбраў сам такую долю,
Адракчыся можа сам, –
Ды тады чужую волю
Ён выконваць мусіць там,
Дзе зыходзяцца прадонні,
Бездань свеціцца агнём
І мільёны воч сутоння
Пагібельным зыраць днём.
Працай духу над душою
І штодзённай барацьбе
Абавязан сам сабою
Адракчыся ад сябе.
Адракчыся без прымусу,
Свой даўно абраны шлях:
Быў Атлантам і індусам,
Знаў яго і грэк, і лях…
Яго ведалі народы
Ад рабоў і да цароў,
Ён – адмеціна пры родах:
Справядлівы шлях дамоў.
Яго ведаюць славяне,
Хоць іх б’юць крыжом пакут,
І аднойчы Ён паўстане
Сярод вас жывых, зямляне,
Ды не час яшчэ пакуль.

А сказаць папраўдзе, кожны
З вас, хто прагне барацьбы,
Ім па праву стацца можа.
Знаў Яго аднойчы й ты.
Бо інакш чаму запомніў
Сотні, тысячы шляхоў –
І туляўся, як бяздомны,
Свой губляючы наноў.
Думаў ты, што проста выйшаў
Ды за роднае сяло –
А сустрэўся з Духам вышнім,
Цябе сэрца так вяло.
Помніш, як не разумелі
Людзі блізкія заўжды,
Жарсці кіпенем гарэлі –
Вораг быў табе любы,
Шрамы на душы і целе
Сведкі гэтай барацьбы.
Трыццаць год пад знакам Дзевы
Ты блудзіў, шукаў Яе.
Паглядзі: ў былых падзеях
Ўсё ж чагосьці не стае?
Трыццаць год назад вярнуўся
Ты з нябёс у дольны свет,
Люд тады наверх цягнуўся
Хіжай лапаю ракет.
Ты пайшоў па Беларусі,
Як чужы сярод сваіх –
На Палессі белы бусел
Сеў на чорны крыж жывых…

Трыццаць год – ці многа гэта?
Не! – імгненне для сусвету.
Трыццаць год для чалавека, –
Ну, лічы, прайшло паўвека.
Што зрабіў за трыццаць летаў,
Зразумеў за трыццаць зім?
Хоць даведаўся, што мэта
Памірае не зусім?

Хутка мовілася казка.
Справа робіцца марудней.
Ну, цяпер жыві з падказкай,
Помні аб паганых брудных!
Сорак сем, а можа, й болей –
Хто, калі іх падлічыў?
То спакуса лёгкай долі –
Не любому па плячы.
Ну, бывай! Да пабачэння!
І да скорае сустрэчы!
Падыміся ж ты з каленяў,
Рана, хлопча, душу лечыш!
Доўг свой выканаць – найпершы,
Найсвяцешый абавязак,
Душу Ён…
Не ўсё адразу!”

Голас змоўк. І цяшынёю
Ахінуў сусвет мяне.
Буйназора нада мною
Полаг неба палымнеў.
З чорных хмар зірнула поўня
Дробным, прывідным святлом –
Неўзабаве я прыпомніў,
Што раней са мной было:
Пасярод віны стаяў я,
Пасярэдзіне граху.
Калі сказанае праўда –
Як далей ісці змагу?
Я даслухаў казку, дзякуй,
Добры Казачнік, табе!
Абярнуся я вужакай
На зялёнай на вярбе –
Адпушчу дзяўчо на волю,
Падыму цяжкі вянец –
Хоць гаротна ў казцы доля,
Ды шчаслівы ёсць канец.
6
Казкі мовяцца не дзецям.
Хоць і слухаюцца імі.
Са скрыжаляў Запавета
Нам гавораць, што малымі
Быць павінны ўсе на свеце,
Каб у царства Херувімаў
Трапіць – трэба быць, як дзеці, –
І не пройдзе вечнасць міма.

Вечнасць – што гэта такое?
Нашых жыццяў калаўрот,
Вечнасць – снамі непакоіць
Нас начамі з году ў год,
Вечнасць – нашы сны і мары,
Наш зямны, агністы шлях.
Вечнасць выклік для герояў,
Змагароў за сэнс святла.

Эпілог
Знікаюць народы з аблічча зямнога,
Як ранкам пад промнямі сонца раса –
Запальваюць зоры святло на касмічнай дарозе,
Каб смела праходзіла ў вечнасць бяссмерця краса.
Знікаюць народы – складаюць легенды, паданні,
Каб зернетка Праўды не згінула ў змрочных вяках.
Нясе чалавек праз жыццё залатое паданне:
Прабіцца, як парастак, дзесьці ў міжзорных вірах.
Нас вабіць Галактыка…
Млечны, нязведаны Шлях
З любоўю людяецца ў Боскіх надзейных Руках.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Залатое зярнятка праўды - Анатоль Кудласевіч