Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Верш удзячнасці

С. Б.

Так радасна дзякаваць кожнаму,
Хто Богам падораны мне.
Паспець бы, пакуль прамільгне
Мой век электрычкай апошняю,
Пажоўклым лістком у вакне.

Не, гэта зусім не дэпрэсія
І не развітанне, ані,
Не заклік збіраць камяні.
Бог дасць, дажывем і да пенсіі…
Але ўжо палічаны дні.

І з часам вастрэй адчуваецца,
Што ўдзячнасць не можа чакаць,
Што страшна сябе папракаць,
Калі сувязь – раз – абрываецца
І ў вечнасць дарэмна гукаць.

І толькі ў малітве – так верыцца –
Падзякі запознены ўздых
Дасягне, патрапіць да тых,
Хто болей ніколі не вернецца
З нязнаных краёў незямных.

Хто быў са мной
і ёсць,
і будзе
У нам наканаваны час –
Я дзякую за ўсё вам, людзі,
І Богу дзякую за вас!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Верш удзячнасці - Аляксей Жбанаў