Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Небяспека над Наваельняй

Небяспека над Наваельняй
У памяць аб Чарнобыльскай трагедыі

З імпэтнасцю, як гоначнае
аўто, прыйшла да нас
квітнеючая, сонечная
ды ранняя вясна.

Не спіць вясна – і ноччу сіліцца.
За ноч – бярозкі распусціліся!

Тэлевізар скупенька
кажа аб аварыі –
і навіны з “кубіка”
па вушах ударылі.

Накрыла вобласці дзве воблака –
пад коўдрай небяспечнай вобласці!

У трывозе, блізкай да ваеннай,
вёсачкі, што заражэнне маюць.
Небяспека – і над Наваельняй.
Пласт зямлі заражаны здымаюць.

Люд вёсачку ратуе,
нібы гняздзечка птахі:
дарогі асфальтуе
ды замяняе дахі.

Прыбор хвалюе вымяральны:
фіксуе фон высокі ён.
Будуюць душавыя, пральню –
ды павялічваецца фон.

Воблака па вёсцы сцелецца –
адсяляюць новаельненцаў.

Малыя ўцякаюць,
хаваюцца, плачуць:
і іх адсяляюць,
бо нельга іначай.

Наваельня – адна з тысяч
амярцвелых вёсак.
Ад яе ты аднясіся,
бусел, па нябёсах!

Зраўнавалі з зямлёй сельсавет:
тут ні буслу не жыць, ні саве.

І сава, і бусел
адсяляцца мусяць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Небяспека над Наваельняй - Алесь Мацулевіч