Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Грунвальдская бітва

Грунвальдская бітва
(у памяць аб падзеях 1410 года)

Сярэдзіна ліпеня… Парыць…
Такой вось спякотнай парой
палякі, літвіны, татары
сышліся з тэўтонскай ардой.

Было войскам горача, цесна
на полі тым ліпеньскім днём.
Пот ліўся па скронях, па чрэслах
пад сонца пякельным агнём.

Ад поту ільсніліся коней
бакі… Вось кранаецца строй –
і стала намнога спякотней,
калі павялі войскі ў бой.

Ураз косы смерці навіслі
над полем, як цемрадзь злых хмар.
Прыйшоўся па войсках літвінскіх
асноўны тэўтонцаў удар.

Настаў час у ворага цэліць,
свістаць смертаноснай касе.
Князі, і баяры, і чэлядзь –
з тэўтонцамі біліся ўсе.

Ніводнай не знойдзеш паляны
ты ў лесе з людзей і сцягоў.
І білі тэўтонца смаляне,
і гродзенцы білі яго.

Дзяржанне мяча моцна пальцы
сціскалі, меч сёк крыжакоў.
І білі тэўтонца тракайцы,
і віленцы білі яго…

То тут, то там грузна валіўся
крыжак, як падрэзаны грыб.
Ягайла ў асноўным маліўся,
а Вітаўт ад крыку ахрып.

У пекла гарачае бітвы
татар пасылаў Зеледзін…
Крывёй былі травы абліты,
ды трупы – куды ні глядзі.

Ды воіна трупы не страшаць!
Тэўтонец, разгромлены будзь!
Апошнія сілы сабраўшы,
харугвы па ордэну б’юць.

Каб з ордэнам моцным пакончыць,
махалі яшчэ і яшчэ
мячамі… Да захаду сонца
быў ордэн разгромлены ўшчэнт.

Разбіты крыжак! За Літвою
на полі лаўровы вянок!..
І лідскай харугвы крывёю
паліта таксама яно…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 3,00 out of 5)

Верш Грунвальдская бітва - Алесь Мацулевіч