Верш Ідалы веры
1
Гады змяняе колаўротам,
няма спынення ў жыцці.
І душы ў царскія вароты,
к жывым, нябесам
бессмяротным
імкнуцца ў веры,
у забыцці.
Змяняе час нам арынціры,
змяняе нам глухіх багоў.
Цяпер ахвяра – наша кроў,
і нашы целы-сувеніры.
Мільёны душ у экстазе
веры,
мільёны цел у экстазе
цемры,
у храмы ходзяць мільёны,
да бога ж, мусіць,
ужо ніводны,
ні шчаслівы, ні гаротны…
2
Даўно, о цемра, як даўно
жыццё дае нам гэты свет.
А колькі ж зроблена чаўноў,
каб пераплыць ракі завет.
Каб перайначыць, разбурыць,
абы не жыць, вось так не жыць:
у згодзе, да нябёс у звароце,
душы і цела ў сусвеце,
у зімах, у вёснах, у леце…
На колалёце Чыслабога1,
наш лёс напісаны здаўна,
у бяздоннай памяці Сварога2
жыццё і смерць ужо раўня…
3
Народы, быццам бы вада,
па ўсёй Зямлі, па ўсёй Зямлі,
плылі, цяклі, ракой цяклі,
была ў іх легкая хада.
Абселі. І на розных землях
душу вырошчвалі, як лён.
У пустэльнях, і лясах, і стэпах
жыццё цякло, ракой здавён.
І кожны год прыносіў штосьці,
была то радасць, або гора,
была і кропля, было мора,
як з палявання было мяса,
але былі і косьці.
І час прыйшоў,
і вось тады
з’явіліся багі…
4
Сварога2 моц сышла з нябёсаў,
з’явілася людзям. Агнём
гарэлі вочы. Лёсы
спляталіся галлём.
Галоўны ў пантэоне бог,
Сусвета-бог, і бог-пажар.
Ен, у бясконцасці, бясконцасць,
сусвету нашага каваль…
З агню стварыў ён чалавека,
удыхнуў жыццё і свет ў яго.
І Зямля-Маці сваім млекам
карміла… З волі ўсіх багоў.
5
Пярун3 глядзеў, у вачах маланка,
у руках быў посах агнявы,
і люд складаў яму дары,
каля яго зямнога ганка.
У чарцей маланкі ён кідае,
людзей жа любіць дужа ён.
Агнём на небе ён лунае,
па колу зноў і зноў здавён.
І войскі водзіць у бой з мячом,
нараду воінам дае…
пасля маланкі яго – гром,
як звер з нябёс раве…
На капішчы быў ідал з дрэва,
павагу гэты бог знайшоў.
І моцна людзі мелі веру,
і да людзей Пярун сышоў.
Цяплом ад сонца на палі,
была то ласка Перунова,
цяпло ён ліў, і ліў, і ліў
і веру меў у людзях, ахову.
6
Дажбог4 і Хорс5 для земляробаў
не менш важнейшыя багі.
Цвілі і пашні, і лугі,
калі свет сонца іх ахоўваў.
Свет, як жыццё, вада і ежа,
на першым месцы, назаўжды,
сусвет круціўся ў мярэжах
з людской жалобы і нуды.
7
Вялес6 дагляд вёў над скацінай,
мядзведзем-богам назіраў.
Сваім даглядам боскім, пільным
усю жывёлу захаваў.
Хадзіў па лесе, па лугах,
як гаспадар, як пан жывёл.
У сваіх моцных у руках
трымаў на ўсё свой ён дазвол.
Крамя таго ў падземным царстве
Вялес таксама панаваў,
хоць трохі ведаў у пчалярстве
але і мёртвых ён хаваў.
8
А чалавек – істота мары,
і ёй патрэбен цуд і баль.
Не медыцына, але чары,
на жаль, на жаль…
9
І калі хрэст узняўся важка
над землямі славян,
паганцам стала цяжка, цяжка
і знік пад водамі Буян7.
10
Ну вось і ўсё…
Чаму крывавы? Той крыж,
што нёс Хрыстос?
Хай кожны сам
сабе адкажа,
за свой уласны лёс…
2016 г.
1.Колалёт Чыслабога – чыславая каляндарная сістэма (у славян), якая прагназіруе не толькі даты, але і падзеі, якія вызначаюць лёс не толькі аднаго чалавека, але і рода ўвогуле.
2.Сварог – у славянскай міфалогіі бог неба, нябеснага агню, вярхоўны бог усходніх славян.
3.Пярун – бог нябеснага агню, бог-грамабой, адно з галоўных бостваў славянскага пантэону.
4.Дажбог – у славянскай міфалогіі бог сонечнага святла, сын Сварога. Дажбог у славян – бог Сонца. Ва ўяўленні беларусаў – прыгожы, светлавалосы, моцны дзяцюк. Беларусы для яго – унукі (паводле міфалогіі).
5.Хорс – увасобленае сонца.
6.Вялес – заступнік скаціны, бог падземнага царства.
7.Буян – казачны востраў-град, на якім расце Дуб (дрэва-свету), дзе знаходзіцца святы камень Алатыр, які ўвасабляе цэнтр свету.