Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Кожны дзень прачынаешся з прагаю цуду



Кожны дзень прачынаешся з прагаю цуду,
А яго ўсё няма – як будзёніцца ціш!
I дарэмна чакаеш нязвыклага гуду,
Пры якім, нібы ў космас, у свет паляціш.

Так, звычайна усё, як заўсёды – без свята.
I будзёняцца ў шэрані вочы твае,
I зашоргалі ў снежных сумётах лапаты,
I пад кранам вада, як пад лёдам, пяе.

Пад акном неразвіднелым сварыцца хтосьці,
I машыны спрабуюць па веі паўзці…
Ну, а цуд? Ну, а свята?.. Нячастыя госці! –
Ля цябе неяк збоку спяшаюць прайсці.

I сягоння зноў будзе усё, як і ўчора,
Будзе дзень, што на памяць, бы ўрок, завучыў.
I знаёмы аўтобус, і праца – да зморы,
I знаёмая крыўда – як стрэмка ў душы…

Ну, а можа, той цуд, як заўсёды, з табою,
Можа, лепшага свята на свеце няма –
Калі сонца, ўзыходзячы, ў гурбе прыстоіць,
Калі б’ецца, як мятлушка, ў шыбу зіма…



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Кожны дзень прачынаешся з прагаю цуду - Янка Сiпакоў