Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Толькі ўспыхнуць у полі

Толькі ўспыхнуць у полі
Рабацінкі праталін –
Б’ецца вырай у сэрца,
Як агонь навясны:
Салаўіная рэчка,
Салаўіны світанак,
Салаўіная памяць вясны…

Ды акно майго лёсу
Наглуха зачынена
З той зімы –
Акно заінелай турмы.
А турма – мая, не айчынная,
I за краты тут шлях прамы.

Тут не ходзяць з верай пазычанай,
Тут свой храм і свая турма.
У каханні, як у язычніцтве:
Адзінага бога няма.

Ці гудуць завірухі, ці плачуць адлігі
Тут у кожнага свой жаданы парог:
Колькі вернікаў –
Столькі рэлігій,
I свой –
У кожнага –
Бог.

Я прашу,
Я вымольваю літасці:
Адчыніся, акно, насустрач вясне!
Толькі бог чужы са мною не лічыцца,
А свайго не будзе ў мяне!..

Дагараюць у полі Рабацінкі праталін,
Выбягаюць пралескі
На ўзмежак лясны…
Салаўіная рэчка,
Салаўіны світанак,
Салаўіная памяць вясны…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Толькі ўспыхнуць у полі - Васіль Зуёнак