Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Сябры

Сябры зайшлі па памяці старой –
Праведаць хочуць нас – мяне і жонку.
Гадзінай шарай, шараю парой
Сядзім, спяваем і вядзём гамонку.

Не, сталасці не надышла чарга,
Хаця ад халасцёжы адышлі мы.
Гасцей сваіх займаем як мага,
Што ж да канфліктаў, дык яны магчымы.

Вось анекдотаў развязаўся мех,
Вось выбухае афарызм, як бомба;
Экспромт чарговы выклікае смех
Не вастрынёй, а аўтарскім апломбам.

Яшчэ ўсяго спытаюць на вяку,
А покуль што жывуць зухава, смела,
Як вераб’і ў суседскім вішняку,
Дзе вішанне салодкае даспела.

Дарогу маладосці караблю!
Плывуць – у філасофію мастацтва…
Я ўсіх іх паважаю і люблю,
Але… хутчэй бы нам адным з табой застацца.

Верш Сябры