Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Балада пра беленькія чаравічкі

На Старым Мясце ў Варшаве
Склепік стаяў невялічкі,
На непрыкметнай выставе –
Беленькія чаравічкі.

Элька прасіла тату:
“Тата, вазьмі пазычку,
Купі мне, каханы, на свята
Беленькія чаравічкі”.

Грошы мізэрныя тата,
З завода прыйшоўшы, лічыць,
Купляе Эльцы на свята
Беленькія чаравічкі.

Колькі было ў яе шчасця!..
Колькі было пацехі!..
Гойсаў па Старым Мясце
Стук чаравічкаў рэхам…

Навошта вайна ў Варшаву
Ботам каваным крочыць?!
Навошта ідуць аблавай
Фашысты ў кварталы рабочых?!

Беленькія чаравічкі –
Тут і сказаць немагчыма!..
Элька тату кліча
З камеры Асвянціма…

Біўся я ў партызанах
За люду польскага шчасце,
Кроўю ў Варшаўскім паўстанні
Сплываў я на Старым Мясце,

Беленькія чаравічкі…
Смуткам цвітуць незабудкі…
Маўчыць Асвенцім трагічны
Рыжаю грудай абутку,

Стаю перад ёю,
Грудзі
Немым сціскае клічам:
Глядзяць на мяне з той груды
Два беленькія чаравічкі…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Балада пра беленькія чаравічкі - Алег Лойка