Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Незабудка

Сяду я ля незабудкі.
Яна ціхенька спытае:
– Гэты мілы нам куточак
будзеш помніць, абяцаеш?

– Не забуду, незабудка,
я зялёны лес за полем,
лёгкі ветрык, што ціхутка
павявае на прыволлі.

Не забуду, незабудка,
я блакіт тваіх пялёсткаў,
нібы вочы Беларусі,
як нябёсы над гаёчкам.

Не забуду, незабудка,
патаемны шолах лісця,
азярцо, нібыта люстра
тут пакінутае кімсьці.

I пад вокнамі каліну
я заўсёды помніць буду.
Гэты край я не пакіну,
незабудка,
не забуду!


Верш Незабудка - Вольга Савуціна