Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА МІХАЛА АНДРЫЁЛІ

(14.11.1836–23.08.1893)

…Уцёкшы з царскае турмы на волю,
Жывеш спакойна ў Лондане й Парыжы.
І цёплы снег, які ляціць з таполяў,
Цябе вяртае ў Віленскую цішу,
У родны тлум, якія назаўсёды
З табою будуць, як да волі прага.
Твае карціны– залатыя соты,
Любоўю поўныя, крывёю сцяга,
Які лунаў у бітвах над сябрамі,
З якімі ты ішоў праз смерці вецер…
І ты вяртаешся дамоў, бо ў свеце
Мілей няма зямлі, дзе над палямі
Лятуць буслы і жаўрукі крыляюць.
Герояў на радзіме не вітаюць,
Іх у Сібір, нібы ў агонь, кідаюць.
І ты жывеш у высылцы, малюеш,
І ты свой лёс прымаеш без праклёну,
Душою ў Вільні, дзе б ні быў, начуеш
І застаешся рыцарам да скону…

22.25.07.2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА МІХАЛА АНДРЫЁЛІ - Віктар Шніп