Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА МІКОЛЫ УЛАШЧЫКА

(4.02.1906-14.11.1986)

…Ужо з Масквы дамоў не вернешся ніколі,
І твой апошні лістапад, нібыта бог,
Па горадзе ідзе, нібы па лесе й полі,
Не выбіраючы ні сцежак, ні дарог,
Як ты не выбіраў, бо меў адну дарогу-
Любоў да Беларусі, да якой ішоў
Праз чорны снегавей жыцця і праз астрогі,
Душой трымаўшыся за веру і любоў,
За вёску Віцькаўшчына, што знікае й
знікне,
Ды застанецца ў сэрцах, курганах сівых
І ў слове родным, што ніколі тут не сціхне,
Чужым не стане ў акіяне слоў чужых…

Апалае лісцё, як золата ад фрэсак,
Ад беларускіх фрэсак з храмаў і званіц,
Што знішчаны і зараслі высокім лесам,
І дзе званы зрабіліся вадой крыніц,
Жывой вадой, якую снег прысыпле ўночы,
І ты памрэш, але не адрачэшся ты
Ад Беларусі, што табе глядзела ў вочы,
Дзе бачыла заўсёды час свой залаты,
Што прыйдзе ўсё ж аднойчы…

6.07.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА МІКОЛЫ УЛАШЧЫКА - Віктар Шніп