Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ФЛАРЫЯНА ЖДАНОВІЧА

(28.10.1884-22.10.1937)

Выходзіш на сцэну, як на эшафот,
І роднае слова, як зерне ў раллю,
Ты сееш у сэрцы, каб заўтра народ
Сказаў свайму роднаму слову люблю,
Як кажа люблю камяням і крыжам,
Якія на могілках і ля дарог,
Як кажа люблю і палям, і лясам,
І рэкам, азёрам і небу, дзе Бог
Спакойна глядзіць на цябе і твой шлях,
Дзе ты ўсё на сцэну выводзіш сяброў
І верыш, што будзе, як слёзы ў вачах,
Тэатр беларускі, бо ў сэрцы любоў
Да роднай зямлі аніколі ніхто
Не знішчыць, бо гэта-наш лёс.
Тэатр беларускі-жывое святло
Ад замкаў і храмаў, ад рэк і бяроз,
Што ёсць і век будуць для нас, як былі,
Як мы беларусы ад роднай зямлі
Век не адрачомся-хоць нас расстраляй,
Мы ляжым у родную нашу зямлю,
Бо тут эшафот наш і вечны наш рай,
Якому ты горача кажаш люблю
Не толькі са сцэны ці ў час, як вясна,
Але і цяпер, калі куля ляціць…
І нельга Айчыну сваю не любіць,
Без нашай любові загіне яна
І нас без Айчыны праз год, не праз сто
Не ўгледзіць на роднай зямлі аніхто…

2-21.03.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 4,50 out of 5)

Верш БАЛАДА ФЛАРЫЯНА ЖДАНОВІЧА - Віктар Шніп