Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Балада Антона Луцкевіча

У вечнасьці не губіцца нічога.
І кожны крок твой, як у вечнасьць крок,
Каб Беларусь была, нібы да Бога
Дарога, а – не на вятрах лісток,
Які ляціць туды, куды вятры
Яго нясуць пакуль ён не загіне.
І Вільня наша, наша да пары
Пакуль у сэрцах, сэрцы ж у краіне,
Што ў вечнасьці не губіцца зямной,
Дзе ты – змагар і сын паўстанца годны,
Каб слова роднае жывой вадой
Было і не зьнікала ў краі родным,
Дзе людзі найпрыгожыя жывуць,
Што беларусамі даўно завуцца,
Бо беларусы, і яны ідуць
У вечнасьць за табою, каб вярнуцца
У вершах, у карцінах, у сьвятле,
Што ў сэрцах беларускіх, як сьвятыя,
Як Беларусь, якая ў нас жыве
І без якой мы будзем нежывыя…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Балада Антона Луцкевіча - Віктар Шніп