Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Калядная раніца

Сонца сёння ізноў уздымаецца ўгору,
Пасылае пагляд да паўночных шырот,
Дзе так многа ўчынілася ўвосені гора,
Покуль людзі жылі без ягоных шчадрот.

Пераблыталі там: дзе Эдэм, дзе Гамора.
Разгаўляліся ўсе ўсю піліпаўку спрэс.
Вочы долу няслі да вялікіх кантораў
I збавеннем душы называлі прагрэс.

Кожнай ноччу Адам клікаў іншую Евай,
А паслужлівы змей яблык новы даваў.
I чарга надышла да бязвіннае Дзевы,
Але тут херувім звеставанне падаў.

Поруч рукі ляглі, пальцаў дотык цнатлівы
Астудзіў п’яны шал, мройна ўлонне акрыў.
I забыты даўно медны воблік Ярылы
Асцярожна паплыў з-за далёкай гары.

Затрымцелі званы пад нясмелым ударам, –
Званаровай руцэ яшчэ сіл не стае.
Але з новым штуршком неўтаймоўным пажарам
Залатое чало на паўсвету ўстае.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Калядная раніца - Валянціна Аксак