Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ішоў Хрыстос

Каля чарнобыльскіх бяроз
Вёў за сабой малых Хрыстос.
Трымаў сваю з іх кожны свечку,
I кожны пераходзіў рэчку,
Што выцякала з балацянкі,
Дзе выспяваюць калыханкі
Пра чапляў і чароўных дзіваў.
Хрыстос дзяцей на ўзлесак вывеў,
I пасадзіў наўкол сябе,
I, ліст сарваўшы на вярбе,
Паспрабаваў на зуб… Паверце,
З тым, знаць каб, на якім жа свеце
Ён з дзетварой. Пераканаўся,
Што свет не той, а гэта. Паўза…
Прымоўк, суцішыўся Ісус.
Ніяк не мог ён скінуць груз
Сумненняў з праведнай душы:
Калі дзе ўзяў, там палажы…
А ўзяў ён шмат. Урваў у смерці
Чародку жыццяў. “Гэта ж дзеці! –
Кашчавай ён сказаў. – Пабойся
Ты Бога! He дастаць, бач, носа.
Над немаўляткамі навісла…”
Адбрыў яе, так скажам сцісла.
Адбрыў, забраў дзяцей – і ходу.
Па пнях, па нейкаму балоту.
…Я столькі рыфмаў ператрос,
Зарыфмаваўся каб Хрыстос!
Які чарнобыльскіх дзяцей
Дарогай вёў чым карацей
Далей ад смерці… Цёрлі туфлі.
I гаслі жыцці. Свечкі тухлі.
Няўжо чытаць нам на кладах
Імёны дзетак па складах!
Жывіце, родныя, жывіце!
Лятайце, басанож, па жыце!
Паешце на здароўе бульбы,
Што з печы. Дзьмухаюць хай губы
На, крутабокую, яе,
Што з жару ў роце растае!
…Хрыстос мне бачыўся не ў сне,
А ў земляку адным. Міне,
Я думаў, ён мяне – я тут жа,
He прыглядаўшыся задужа,
Партрэт ягоны намалюю…
А ён вёў за руку малую.
Па ржышчы, што калола ногі.
…Партрэт няўмольнае эпохі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ішоў Хрыстос - Уладзімір Дзюба