Верш Шакаладкі
Мой сябра мне ад сваёй дачы
Прапанаваў узяць ключы –
Каб цуды Нарачы пабачыць
І ўсёй сямейкай адпачыць.
Я вельмі доўга не ўпіраўся –
Падзякваў, кінуў у кішэнь,
З дачкамі й жонкай ў шлях сабраўся
У выхадны спякотны дзень.
І вось мы ў лесе на палянцы!
Ледзь дабраліся ў дабрадаць,
Адзенне скінулі і сланцы –
Хутчэй пад сонца – загараць!
Мо толькі ля гадзіны трэцяй
Пайшлі скупнуліся разок –
Бо ўжо канючыць сталі дзеці.
Ды я прыкрыкнуў на дачок:
“Дурніцы гэткія! Ляжыце,
Пакуль у вас магчымасць ёсць!
Рай на халяву! Паглядзіце –
Вакол – такая прыгажосць!
Дык загарайце без аглядкі!
І мне не пудрыце мазгоў!
Не целы будуць – шакаладкі,
Калі прыедзеце дамоў!”
Празагаралі так суботу,
Нядзелю гэтак правялі –
Каб збіць да сонейка ахвоту,
Набрацца сілы ад зямлі.
Калі ж прыехалі дадому
І захацелі легчы спаць,
З нас чацвярых ужо нікому
Не даў загар наш паляжаць.
Такой чырвонай стала скура –
Нібы па ёй прайшоўся прас,
Палезла ўверх тэмпература,
У лазарэт пагнаўшы нас.
Там урачы хавалі ўсмешкі,
Нас ратавалі, як маглі…
Ды пухіры і скуры рэшткі
На целах доўга шчэ былі…
Дасюль знаёмым у забаву
Нас пры сустрэчы запытаць:
“Што, шакаладкі, на халяву
Слабо яшчэ пазагараць?”