Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Перачытаю мной напісанае ўчора

Перачытаю мной напісанае ўчора –
І ўсё парву без шкадавання на шматкі.
Слабыя вершы. Выклікаюць толькі сорам.
Чытаць такія – а ці будуць дзівакі?

Нашто забруджваць абы чым крыніцу мовы
І сваім глупствам галаву людзям дурыць?
Ажно звінець павінны складзеныя словы!
А верш – кіпець і доўгім рэхам гаманіць!

Лепш не пісаць, як іскры таленту не маеш.
У нас і так багата творцаў і пісак.
Але душу натхненне смагай атуляе
І ціха шэпча: “Паспрабуй-ка сёння так…”

І цягне зноў прымаць наркотык вершавання
І на паперы свае думкі рыфмаваць.
А покі ў сэрцы ёсць надзея і каханне,
Жыве і вера, і патрэба – ‘шчэ пісаць.

Таму лісты сваімі вершамі мараю…
Хаця каму цікавы гэты лістапад?
Калі сыйду, ці тое нехта прачытае?
Здаецца мне, такое здарыцца наўрад…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Перачытаю мной напісанае ўчора - Таццяна Дзям'янава