Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Я да радні прыеду летам

* * *

Я да радні прыеду летам
І спаць на сене папрашу.
Адныя думкі ўжо аб гэтым
Мне лечаць зёлкамі душу.

Падчас гаючыя не меней
Ўспаміны лашчаць сэрца мне:
Малы так рад я спаць на сене
З братамі разам у гумне.

І ў хаце соладка мне спіцца
На пахкім, свежым сянніку.
Таму так часта лета сніцца
Спраўляе баль зіма пакуль.

І юнаку мне так прыемна
На сене спаць, бо сам касіў,
Сушыў і часам гэта сена
З балота ў рэзгінях насіў.

Няхай сабе я не Ясенін,
Скажу па шчырасці аднак,
Што лепш яшчэ было на сене –
З дзяўчынай мілай да відна…

…І на тым свеце родным людзям,
Маім бацькам, братам маім
Няхай зямелька мяккай будзе,
Хай, як на сене, спіцца ім.

А я пакуль на свеце гэтым
Лячу, як зёлкамі, душу,
Што да радні прыеду летам
І спаць на сене папрашу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Я да радні прыеду летам - Станіслаў Валодзька