Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мой шлях

Па жыцці іду я цераз два стагоддзі:
У дваццатым веку я прыйшоў на свет,
Зараз з дваццаць першым пражываю ў згодзе,
І другому з трэцяга тысячагоддзя
Я добразычліва памахаў услед.

Праляцелі годы – засталася памяць,
Шмат падзей бывала у маім жыцці.
Маладосць мільгнула – наступіла сталасць,
Колькі ж давядзецца мне яшчэ прайсці?

Што наканавана, я таго не знаю.
Мне адно вядома: сёння я жыву,
Сёння, тут працую, сёння, тут кахаю,
Сёння, тут смяюся, плачу і пяю.

Далеч перспектывы працінаю марай,
Разам з тым, рэальна я гляджу на свет.
Знаю: непазбежна наступае старасць,
А ў канцы адбудзе і душа ў Сусвет.

Па яго законах часаадлічэння
Год ідзе за годам, а за векам – век.
З самага пачатку і ажно да скону
мае тут значэнне,
Як дзіця прыроды, кожны чалавек.

Я свой след пакінуў на шляху бясконцым,
Я знайшоў, здаецца, сцежачку сваю.
Цеплыні і свету я прыдбаў у сонца –
І праз вершы зараз людзям раздаю.


Верш Мой шлях - Пётр Шакола