Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У слова – свая вага

У слова – свая вага,
Слова – розуму рэха.
Слова – мая туга,
Слова – мая ўцеха.
Можа, нябесную высь,
Дзе хмары свінцовыя ходзяць,
Сёння, як і калісь,
Слова адно распагодзіць.
Слова – абрыў стром,
Слова – да згоды сцежка,
Слова – знішчальны гром,
Слова – раптоўная ўсмешка.
Робяцца з пэўнай пары
Ад слоў, што вякі сабралі,
Ворагамі – сябры,
А ворагі – сябрамі…
Слова – імя навізны,
Імя старадаўніх паходаў,
Слова – жывы сувязны
Стагоддзяў, шырот і народаў.
Слова – над прорвай мост,
Дзе ані ўлева, ні ўправа,
А толькі наўпрост і наўпрост…
Слова – таксама справа!
Даводзячы пачуццём,
Што слова – думкі выснова,
Расцём,
Каб усім жыццём
Сказаць сваё слова!


Верш У слова – свая вага - Пятрусь Макаль