Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Нязлоўны

Акупантам апантаным
Сумна, – апусцілі нос.
Слава храбрых партызанаў
Разлягае гулка, скрозь.
Па гаях, па цёмным лесе,
Па чаротах і трысці
Бродзяць карнікі, эсэсы, і
А атрада не знайсці!
– Памарозіць іх зімою, –
Разважалі.
Ды дарма:
I зіма ўжо, а спакою
Ні хвіліначкі няма.
Толькі вёску абрабуюць,
Сядуць жэрці, скажуць: “Гут”, –
У часіну найлюбую
Страляніна тут як тут!
Не паспеюць афіцэры
Пахавацца у куткі, –
Ад галоў іх і талерак
Застаюцца чарапкі.
Выб’юць навалач благую,
Едзе правіць новы кат:
– Не, паверыць не магу я,
Каб нязлоўным быў атрад. –
Абяцае многа марак
I з пляча свайго мундзір.
…Усміхаецца ў гушчары
Партызанскі камандзір.
Чуе добра, што вясною
Будзе болей іх крышыць,
Бо ніякаю цаною
Не купіць людской душы.
Хай жа злеюць і шукаюць –
Дарма скручана пятля:
Партызанам пасабляе
Сэрцу родная зямля.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Нязлоўны - Пятрусь Броўка