Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Наш век

Ты зачынаўся ў час жахлівы.
З вайной мы пачыналі жыць.
I выгляду твайму ўласцівы
Калючы дрот, крыжы, крыжы…

Багаты кулямі, не зернем,
Шукаў, што крот, ў зямлі жытло.
I той жа дрот заместа зерняў
Тваё ў бядзе сціскаў чало.

Твой плашч з пажараў-аксамітаў
Не прыкрываў глыбокіх ран,
Твой быў акопамі парыты
Яшчэ зусім юнацкі стан.

Глыбока рыючы разоры,
Шалёна выбухі раўлі,
I толькі залпамі “Аўроры”
Цябе да ладу прывялі.

I хай былі яшчэ нягоды,
Ды бачаць тыя, што жывуць –
Замест дратоў вянок з Усходу
Тваю ўпрыгожыў галаву.

Наш век праходзіць па планеце
I з руж вянок яго расце,
Усімі ж фарбамі на свеце
Ён неўзабаве расцвіце.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Наш век - Пятрусь Броўка