Верш Калі пагляджу я на карту
Калі пагляджу я на карту,
Ах, колькі шляхоў ляжыць!..
Такі ўжо ў мяне характар –
Усюды хачу пабыць.
Хвіліны не знаю спакою,
Не скажаш ты сэрцу: змоўч!
Яно ўжо ў мяне такое –
Вандруе і дзень і ноч.
Нямала патрэбна сёння
Агледзець яму куткоў –
На поўначы ці на поўдні
Наведаць многіх сяброў.
Вялікі прастор Саюза,
Магутны, прыгожы ён, –
I вось я праходжу шлюзы
I слаўлю свой Волга-Дон!
Твой стан, Украіна, бяскрайні,
Калоссе шуміць, шуміць…
Прыемна сядзець на камбайне,
Па моры пшаніцы плыць.
Кахеція! Песні пра радасць.
Дзяўчаты збіраюць ўраджай.
Ўзнімаю я кош вінаграду,
Напоўнены цераз край.
А потым з паморамі стрэцца
Ля Мурманска я пажадаў.
Вось так і хадзіў бы, здаецца,
I стомы б ані не знаў.
Паверце, маніць я не ўмею,
А гэтак бывае ў жыцці, –
За дзень маё сэрца паспее
I свет навакол абысці.
Ўсё яго моцна клапоціць,
Бо праўдаю хоча жыць,
З байцамі-сябрамі на фронце
Даводзіцца побач быць.
Бывае, сустрэць налучыць
Такое, не плачаш ледзь,
Бо вельмі яму балюча
На мёртвых дзяцей глядзець.
А пройдзецца за акіянам,
Ад гневу яно крычыць,
У сэрцы суцэльная рана –
Там вогненны крыж гарыць.
Нагледзіцца там на гора,
Спяшае хутчэй дамоў.
I толькі на родных прасторах
Яно весялее зноў.
Я знаю, паны за граніцай
З трывогай спытаюць не раз:
– Што гэта яму не сядзіцца,
Чаго яму трэба ад нас?
Адказ мой адзін, праўдзівы:
– Святло я і волю люблю,
Хацелася б бачыць шчаслівай
Як ёсць навакол зямлю, –
Каб заўжды быў шчасным, здаровым
Карэец, індус і француз…
Бо сілай вялікай любові
Натхніў нас Савецкі Саюз!