Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Палеглае жыта

Палі ў спякотным даспяванні
Звоў плешчуць хваляю жывой.
Вось толькі змоўкне кукаванне –
Дыхне гарачае жніво.

Ды раптам сонца знікла, збегла,
Дажджу б’юць шэрыя званы.
I жыта спелае палегла
Ад Прыпяці і да Дзвіны.

I лета ўсё па Беларусі
Вады было той цераз край.
I я аднойчы – прызнаюся –
Падумаў: згінуў ураджай.

Свісталі дажджавыя пугі
I секлі жыта.
А калі яснела –
З грукатам, з натугай
Камбайны па гразі паўзлі.

Рабілі і ўначы няспынна,
На ўсім ляжаў вільготны пыл.
Туды, дзе не прайшлі машыны,
Прыйшлі забытыя сярпы.

Вады у полі хоць заліся,
Шкада кабетам каласкоў.
Адкуль цяпер сярпы ўзяліся?
З гербоў хіба што і сцягоў.

Мы часта славім хлеб духмяны.
Праслаў, калі ты не аслеп,
Людскую працу, і адданасць,
I бітву грозную за хлеб:

Як малацілі, як здавалі,
Як кожны быў бязмежна рад…
Вось так на фронце ратавалі
Мільёны раненых салдат.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Палеглае жыта - Пiмен Панчанка