Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Кожны з нас прыпасае Радзімы куток

Кожны з нас прыпасае Радзімы куток,
Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны –
Дым над хатай, снапамі прыціснуты ток,
Матчын спеў і гароды, прапахлыя кмінам…

Гэта быў сорак першы палаючы год.
Прабіраліся мы з акружэння на ўсход.
У аршанскіх лясах на адной з дарог
Я пазнаў сярод верасу след маіх ног.

I паклікала родная хата мяне.
Я падпоўз да сяла, калі гаснулі зоркі,
Расхінуў асцярожна кусты і знямеў –
Каміны… каміны… Дух пажарышча горкі.

Развіднела. А певень людзей не будзіў.
Цішыня. Мёртвы попел. Hi стуку, ні груку.
Толькі клён, што мой бацька калісь пасадзіў,
Грэў на сонцы свае абгарэлыя рукі.

Я схаваў твар у травы. I зямля, як дзіцё,
Да мяне прытулілася целам магутным:
“Дзе ж ты быў, дзе ж хаваўся ты гэтулькі дзён,
Што дамоў не ішоў?” – запытала ледзь чутна.

Не прыпомню цяпер, што ў адказ я шаптаў –
Ці зямлю суцяшаў, ці пра маці пытаў.
Слоў вуголле злятала з патрэсканых губ,
I растоптаны кут быў да болю мне люб.

Наліваліся кветкі сцюдзёнай расой,
I прамыла раса мае сумныя вочы,
Каб убачыў я ўсё, каб запомніў усё,
Каб я думаў пра помсту і ўдзень, і уночы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Кожны з нас прыпасае Радзімы куток - Пiмен Панчанка