Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У няўтульнасці нашых пачуццяў

У няўтульнасці нашых пачуццяў
Збудавалі не замак – астрогі.
Пасялілі навокал пакуты
Увязнілі сябе ў іх аблогі.

Пакрышылі крылом крумкачовым
Не ласункі – атрутнае зелле.
У палацы сваім мармуровым
Гадавалі маркотаў алеі.

У змарнеласці вечнага тлуму
Нібы воўкі, да поўні спявалі.
І вярталі, вярталі бяздумна
Успаміны, якімі мы сталі.

Нараджэннем ва ўлоніі спатканняў
Ад Ліліт да Джаконды луналі.
Не прымалі з табою світанняў,
І яны нас ў сутоннях хавалі.

Сынам Зоркі, абрынутым ў пекла,
Супраць Бога паўстаў што калісьці,
Ты ў астрозе была хоць і пекнай,
Ды ня болей, чым восені лісце.

У няўтульнасці збеглых турботаў
Я смугою табе прыгадаўся.
А пад ветра кастрычніцкіх ботаў
Наш палац у дажджах руйнаваўся…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш У няўтульнасці нашых пачуццяў - Павел Гаспадыніч