Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Аксёнчыку Аляксею

Маю Вятчын паміж балот, ядлоўцаў
Паліў у сорак трэцім супастат.
У хлеў зганялі й будаўцаў, дзякоўцаў.
Ў агонь, як хлам, кідалі немаўлят. *

Плакалі ад роспачы бярозы –
Захінуць ад смерці не маглі.
Страшны крык адчаю, боль і слёзы
Залілі Палесся берагі.

Ды смелыя і гордыя вятчынцы –
Жменька іх бязвусых хлапчукоў –
На смерць пайшлі адважна, па старынцы,
Каб вызваліць ад смерці землякоў.

Быў паміж іх і Аляксей Аксёнчык –
Мой дзядзька родны
Не меў яшчэ й пятнаццаць год) –
А бой трымаў, як мужны кулямётчык.
І ўпаў забітым на гарачы плот.

Мог уцячы, бо меў на тое права.
І жыць застацца.
І расціць дзяцей.
А выбраў смерць нявестаю крывавай
Дзеля бяссмерця – бо дзеля людзей…

Прыйшла у час падмога – партызаны.
І люты вораг з вёскі адступіў.
Палалі хаты. Зоркаю крывавай
Небасхіл над вёскаю свяціў.

Не ўсіх спалілі.
Жменька засталася
Маіх гаротных тых дрыгавічан.
І мая мама к вечару знайшлася.
І дождж праліўся слёзамі сяльчан.

А я ж ніколі дзядзьку не убачу.
І абяліска славы ён не меў.
Але заўсёды хлопцам тым удзячу.
За іх адвагу –
Мой і плач, і спеў.

А калі ізноўку прачытаю,
Што пра час той піша розны гнус:
Быццам мой народ не забівалі.
А ў партызаны йшлі-праз боязь і прымус.

Я да зорак шчыра зноў малюся,
Каб пакарала смерцю неба іх-
Усіх гадзюкаў, хто да Беларусі
Не дараслі у помыслах сваіх.

Калі ж у вёску родную прыеду,
На месцы тым заўсёды памалюсь
За ўсіх забітых яблыняк у квету-
За спаленую маці Беларусь.

———-
* У сакавіку 1943 года фашысты спалілі жывымі
800 жыхароў вёскі Вятчын. А з 1941 па 1944 гады
за сувязь з партызанамі расстралялі яшчэ 80 чалавек.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Аксёнчыку Аляксею - Ніна Аксёнчык