Верш Кожны дзень разбіваюцца тысячы лёсаў
Кожны дзень разбіваюцца тысячы лёсаў,
Тысячы скалечаных сэрцаў,
Тысячы знявечаных душ
На сто мільярдаў драбнічак-аскепкаў
І становяцца ледзяшамі,
Бо ўтвораны ад чыйгосьці холаду.
Іх Жыццё ў чужыя закідвае сэрцы,
Іх Жыццё ў чужыя закідвае вочы…
Адныя ільдзінкамі тымі сабе раняць сэрцы,
Бо не могуць абыякавымі быць да гора.
У іх вачах ледзяшы тыя хутка растаюць,
Стануць горкімі гарачымі слязьмі,
Бо не могуць іх вочы спакойна
Глядзець на нячэснасць і хамства.
Другім ільдзяныя аскепкі і сэрца
Паступова спрабуюць кавалачкам лёду зрабіць,
Бо так лягчэй, калі сэрца ільдзяное,
Бо лягчэй не зважаць на разбітыя лёсы,
Бо прасцей на сусветную несправядлівасць
Не зважаць. Проста вельмі халодна
З выглядам чалавека, умудронага вопытам,
Складаць з тых ільдзінак
Прыгожае слова “Вечнасць”,
Кажаць, што прад тварам яе ўжо нічога не важна.
Пакуль лёд у іх сэрцах не растае таксама
Ад гарачых, пакутлівых слёзаў іх блізкіх
Ці ад чыйгосьці надта палкага пацалунка…
І тады зледзянеўшыя сэрцам “другія”
Становяцца першымі, а ў першых ад болю
Таксама
Разбіваюцца лёсы, і сэрцы, і душы…
Толькі ёсць яшчэ трэція. Тыя зусім раўнадушна
Паглядаюць на сто міліярдаў аскепкаў.
Тыя трэція – большасць з нас…
Дык чаму ж мы так баімся 2012 года,
Падзенняў метэарытаў
І розных другіх прадказанняў жахлівых…
І зусім не звяртаем увагі на тое,
Што кожны дзень разбіваюцца тысячы лёсаў,
Што кожны дзень – для кагосьці трагедыя,
Што на сотні мільярдаў аскепкаў разбілась чыясьці душа?