Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш “Тытанік”

О, як гвалтоўна мы яго згубілі,
закінуўшы ў салёную пасцель…
На чорным дне, ва ўсемагутным іле
спіць самы грандыёзны карабель.

He варухнецца больш каркас вялікі,
наўрад ён ці ўсплыве наверх, як кіт,
усёй абшыўкай увабраўшы крыкі,
бяссільны енк, апошні плач наўзрыд.

Хто выцягне яго на бераг плыткі?
Калі ж выратавальніка свайго
убачыць ён і залатыя зліткі,
што, кажуць, ёсць у чэраве яго?

Прыплыў той ноччу айсберг кантрабандай
сюды – ў цяплейшых водах пагасціць…
Усё-ткі за расслабленасць каманды
якой цаной прыйшлося заплаціць!

Настала непазбежная расплата –
прычыннай гібель бачыцца здаля…
А раптам не на айсберг – на вар’ята
наткнешся ты, любімая Зямля?

Уздымуцца ўгару агонь і сажа,
заб’ецца акіян з апошніх сіл.
I ў рэшце рэшт усё жывое ляжа
калі не ў іл, дык у касмічны пыл.

Пакуль яшчэ так сонечна ў зеніце,
пакуль спяваюць птушкі на галлі,
глядзіце, людзі, навакол глядзіце,
ці так плыве наш карабель Зямлі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш “Тытанік” - Мар'ян Дукса