Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прыкінь і падумай

Прыкінь і падумай,
які ты шчаслівы –
багаты ўладальнік
палёў узараных…
Ты ўпэўнены сейбіт
дагледжанай нівы,
дзе пні выкарчоўваў
твой прашчур старанны,
што век свой кароткі
гультайствам не бэсціў.
Штодзённа,
як з даўняга часу вялося,
не так для сябе –
для нашчадкаў ён песціў
сваёй дабрыні і надзеі
калоссе.
Уведаць жадаеш –
і гэтым заняты, –
чаму ўсе прароцтвы дзядоў
не збыліся,
аматар і зух
выпрабоўваць зярняты,
зярняты,
што ў спадчыну нам дасталіся.
Як сталася,
што пад пагрозай світанні
і сонца?
Імгненне –
і згінуць адразу…
Збянтэжаны,
Цяжкія ставіш пытанні.
А мусіць, галоўнае –
нашы адказы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Прыкінь і падумай - Мар'ян Дукса