Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мы кахалі ў дваццатым стагоддзі

Мы кахалі ў дваццатым стагоддзі.
Нашы сэрцы для шчасця адкрытыя.
Млечны Шлях зорнай згоды знаходзілі,
А паэзію — толькі ў малітвах.

Мы кахалі ў дваццатым стагоддзі.
І было пачуццё саладзейшае
Ад салодкае нашай свабоды.
А стагоддзе ўжо дваццаць першае.

А стагоддзе ўжо дваццаць першае.
А каханне далей занявольвае,
Праяўляецца, нібы ўпершыню,
Тайнай дотыку, дзіўнай моваю.

А стагоддзе ўжо дваццаць першае.
А каханне ніяк не намоліцца:
“Богадайная паплечніца,
Ты — святая мая сынародзіца”.


Верш Мы кахалі ў дваццатым стагоддзі - Лявон Неўдах