Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзіўныя малюнкі

Шапкі снегавыя
Перад сцюжай
На ілбы насунулі
Стагі,
Збіліся
Пад стоенаю грушай
Хітрыя заечыя сляды.

Сыпле зранку
Зледзянелым шротам –
Гурбы высяцца,
Нібы стаўпы.
Крэкча плот,
Рыпяць,
Як драч,
Вароты,
Стогнуць
Тэлеграфныя слупы.

Здубянелы вецер
Між сумётаў,
Як няўлежна,
Раптам зазлуе,
Так яліну страсяне
З налёту,
Снежны пыл
Пасыплецца з яе.

А яна мядзведзіцаю лютай
Зараве –
Пад сэрцам засвярбіць,
Пашматуе ледзяныя путы,
Грозна ўскіне гнеў свой
На дыбы.

Маразы у заінелых вулках
Туляцца
Па вёсках, гарадах
І выводзяць
Дзіўныя малюнкі
На застылых шыбах
Па начах.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Дзіўныя малюнкі - Леанід Яўменаў