Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Чмель

– Ты з якіх зямель,
Паласаты чмель?
Можа, з Афрыкі,
З саваны,
Дзе жырафы-веліканы,
Ці з пустыні,
Дзе бураны
Намялі пяскоў барханы,
Ты,
Бухматы,
Прыляцеў,
Што так дзіўна
Пажаўцеў?
– Не, адтуль я,
Дзе ў зары
Кожнай раніцай
Бары,
Дзе срабрыстай кропкай
Бусел
Вольна плавае ўгары.
Я адтуль,
Дзе рэчка з гаю,
Як жывая,
Выбягае
Ды паблісквае
Лагамі,
Полем,
Мройнымі лугамі.
Ледзь вясна
Хадою жвавай
Прыйдзе з сонейкам ласкавым,
Тут, у ціхім наваколлі,
Для мяне –
Прастор і воля.
Тут цвіце наўкол, бы ў сне,
Безліч кветак
Для мяне.
Глянуць толькі навакол –
Аж зіхціць
У кветках дол!
Кветак шмат і на ажыне,
На маліне,
На крушыне.
А яшчэ ж цвіце парэчка,
Ліпа, груша,
Вішня, грэчка.
Дзень ад кветкі і да кветкі
Я лятаю неўпрыкметку.
Бо не ем жа я траву –
З кветак толькі я жыву.
Я ўсё лета, толькі й знаю,
З гожых кветак мёд збіраю.
Ты не злічыш,
Колькі кветак
Аблятаю я
За лета.
Іхні вунь на мне пылок –
Мо таму
I жоўты бок?
Там, дзе Лань,
Дзвіна ды Нёман,
Дзе бясконцых пушчаў
Гоман,
Пашукай па дуплах розных
Ты сям’і чмялінай
Гнёзды.
Тут мой край,
Зямля мая.
Тут кружу
Спрадвеку я.


Верш Чмель - Кастусь Цвірка