Верш Мурашка і Жук
Раз летнім днём цераз дарогу
Мурашка пруцік валакла
Ды прыпынілася была,
Чакаючы сяброўку на падмогу.
I гэтым часам
Пачуўся нейкі гук,
Як бы спяваў хто басам,
А з гукам сеў паблізу Жук.
Глядзіць Мурашка палахліва:
Што за дзіва!
Такі бліскучы ягамосць –
Наставіў вусы ці то рогі,
Ідзе паважна ўдоўж дарогі,
Пагардліва наўкола пазірае,
Адзенне тое лакам ззяе –
Ці не замежны госць?
– Ну што, малеча, цяжка
Цягнуць такое на гарбе? –
Прамовіў Жук, заўважыўшы Мурашку.
– А мы працуем на сябе.
– Ды чуў… Пра гэта ўсюды трубяць.
Павага, слава, чэсць!
– Хто не працуе, той не есць.
– Давай, давай! Работа дурняў любіць.
– Без працы хіба можна жыць?
– Працуй. А мне на ліха праца?
I без яе як мае быць
Магу я смачна есці, піць,
Па модзе апранацца,
А слава… Што мне слава!
– Ці-ка-ва.
– Калі цікава, дык хадзем,
Я пакажу ахвотна,
Дзе я жыву і што я ем,
Якім я водарам дышу,
Як час праводжу бесклапотна
I на гарбе цяжару не нашу.
I ты жыццё мо перайначыш,
Як гэта ўсё пабачыш.
Да мэты прасцяком
Паўзе Мурашка за Жуком:
Хоць вокам глянуць на той рай –
На Жукавы палацы.
Мо праўда ёсць на свеце край,
Дзе можна жыць без працы.
Жук важна крочыць перадом,
За ім Мурашка сціпла.
Жук ганарліва: – Вось мой дом!
I тут… Мурашка ўліпла.
Такі ж не мелюць языком,
А праўду кажуць людзі:
Як папаўзеш ты за Жуком,
Дык апынешся ў брудзе.