Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Плыве ў тумане вечар разамлелы

Плыве ў тумане вечар разамлелы.
І ў духаце чаромхавых завей
Шчыруе
Асмялелы,
Ахмялелы,
Бяссонны,
Утрапёны
Салавей.
Сок, сок, сок
Цёк,
Цёк
Цёк –
Цур-р-р,
Цур-р-р,
Цур-р-р.
Ці-мох, Ці-мох
Піў, пі-іў, піў.
У цяньку-у
У цяньку-у-у
Аўдоц-цю, Аўдоц-цю,
Цмок,
Цмок,
Цмок
І ўцёк.
Маленькі птах уздрыгвае ад ветру,
Падскоквае,
Нібыта на агні,
На цэлы свет вясковыя сакрэты
Апавяшчае ў гулкай цішыні.

І покуль ён у гордай адзіноце
Раскідвае сярэбраны гарох,
Заснуць не можа сумная Аўдоцця
І курыць аж да раніцы Цімох.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Плыве ў тумане вечар разамлелы - Генадзь Бураўкін