Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мой Новы год

1
Як не зайздросціць тым, хто нараджаецца
Пад Новы год? Для іх пячэ пірог
Сама Зямля. Чарговы свой парог,
Каб іх вітаць, пераступіць стараецца.

Яна ім першым адчыняе весніцы
і, каб магла, спыніла б час для іх.
А толькі ён і кружыцца, і свеціцца,
і запрашае ў карагод другіх.

Няспынным рухам каляндарны век яго
Узгоднены з Зямлі календаром.
і кожны новы дзень яе для некага
У дом прыходзіць навагоднім днём.

Хай гэты дзень не значыцца ў даведніку
Для тэлеграм, але ён дораг нам.
Ён дораг нам, як чорны хлеб галетніку,
Што не са свят вядзе адлік гадам.

І я не ў крыўдзе, што пачаўся з лютага
Мой Новы год, якому шэсцьдзесят.
Хто ты, мой год? Завеі лютай брат
Ці ручая, сакавіком раскутага?

2
Хто ты? Абраннік лёсу выпадковага?
Ці, можа, ты – пад лічбай шэсцьдзесят,
Ад пакалення нашага вайсковага
На пік стагоддзя кінуты дэсант?

Ты кручамі і берагамі стромкімі
Дайшоў да ўнукаў і да іх сяліб.
Ты продкам іхнім быць, яны – патомкамі
Тваімі быць маглі б. Але, маглі б…

Нам не аспрэчыць права іх законнага,
Мой год. Хіба не лічацца яны
Нашчадкамі злучэння незлічонага,
Якое не вярнулася з вайны?

Наступным дням, па абавязку ўзводнага,
Ты аддаеш байцоў, якіх хаваў.
А я гатоў засведчыць, што ніводнага
Ты забыццю сляпому не аддаў.

Ім ваяваць датуль, пакуль іх ворага
Не ўсмерціў мір. Ты людзям кажаш так:
Над словам, што было не дагаворана
Пад кулямі, не стаўце смерці знак.

3
Мой год, нам трэба даражыць хвілінамі.
Для нас гадзіна – тэрмін не малы.
Ужо не абрусамі, а ўспамінамі
Сталы засланы. Доўгія сталы.

Склікай гасцей. Стаў крэслы і віно
Па звычаю, для ўсіх абавязковаму:
Па правы бок – свайму сяброўству новаму,
Па левы тым, каго няма даўно.

Хай госці, пагудзець з табой гатовыя,
Пакуль не парадзеў застолля круг,
П’юць першую – за ручаі вясновыя,
Другую – за маўчанне завірух.

Няхай усе, тваім жытлом сагрэтыя,
З табою ў ім сустрэнуць сонца ўсход.
Ты знаеш сам: узнагарода гэтая –
Найбольшая з усіх узнагарод.

Яшчэ лічы сваёй узнагародаю,
Што ты жывеш, хоць і хрыпіш грудзьмі.
Дай справу ім, хай дыхаюць работаю:
Не можаш камень – трэску падымі…

4
Не можаш трэску – кроч паціху сцежкамі
Да ўнукаў ты. Туды, дзе снег, дзе сад.
Апошні раз цябе аблепіць снежкамі
Твой, войнам не навучаны, дэсант.

Перад табой маленства пройдзе нанава.
А перад тым як знікнуць назусім,
Сябе самога, год мой, з рэшткаў савана
Зімовага ты вылепі малым.

З прыкмет вайны, далёкай для дзяцей,
Снегавіку пакінь адну – вугольчыкі
Замест вачэй. Няхай, як ты даўней,
Вакол яго павесяляцца хлопчыкі.

Хай не атруціць светлыя іх сны
Пахмурны век, не зробіць іх калекамі…
Ты памаўчы. Ты быў такім жа некалі
Рухавым і шчаслівым, як яны.

Заплача снежны дзед… Яны ж, сардэчныя,
Не будуць знаць, што гэта па табе
Лье слёзы снег твой, чорныя, не вечныя,
Убачыўшы пупышку на вярбе.

5
Лепш падаць і ўставаць з нялёгкай ношаю,
Чым злёгку папіхаць яе рукой.
Мой год!
Цяжар, які вала падкошвае,
Ты датрымаў. Не ўпаў, не стаў зямлёй.

Ты адыходзіш, год мой! Ношу важкую
Ты скінуў з нлеч. На верхавіны дрэў
Зірнуў, як быццам навіну ім важную
Хацеў сказаць.
Хацеў, ды не паспеў.

Зямля, якая кружыцца і свеціцца,
Цябе ў сваю захутала пургу.
Даруй мне,
я спыняцца не магу.
Чарговы год мне адчыняе весніцы…

Што ты не мог сказаць
раскутай моваю –
Травою, рунню, гучным ручаём –
Ён дагаворыць за мяжой умоўнаю,
Адкуль мы лік наступным дням вядзём.

Звіняць пад сонцам ручаі, гатовыя
Твае трывогі несці па жыцці,
Каб з імі век агораць наш і ў новае
Тысячагоддзе рэкамі плысці.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мой Новы год - Аркадзь Куляшоў