Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зімовыя забавы

Па снезе, па снезе снягірык скок-скок.
Скаваў рэчку ўзімку трывалы лядок.
Зусім не чуваць нічога наўкола…
Але тут на рэчку прыбег наш Мікола,
і Янка, і Танька з Алеськай, і Санька,
і Васька прыбег – за сабой цягне санкі.
Раздолле, дзіцячае шчасце і смехі.
На санках з гары – вось гэта пацеха!
Снегавік з морквінаю замест носа,
здаецца, і сам чырваніць ад мароза.
Дзятва ж на кусачага зневажае
і замак сабе збудаваць вырашае:
не Мір, не Нясвіж, не Гародню ці Трокі,
а беласценны, магутны высокі.
Ля сценаў чакаюць ужо вартавыя.
Іх шчырыя ўсмешкі і вочкі жывыя
нібы запрашаюць аблогу пачаць…
Але катапульты пакуль што маўчаць.
Ды што тут чакаць! Па камандзе “агонь!”
віхура ўзнялася сярод снягоў.
Лётаюць снежкі, як залпы “кацюшы”,
вымаклі швэдры, замерзлі ўжо вушы,
ды дзеткі зусім саступаць не плануюць
і хібы сяброў ва ўсе вочы пільнуюць,
і кпяць адзін з аднаго: ‘Вось мазіла!”
Іх з рэчкі прагоніць адно толькі сіла,
што сонейка хіліць за гарызонт
і дзеткам прыносіць казкі і сон.
Чародка дзяцей – Васька і Янка
цягнуць на санках Алеську і Таньку,
побач бягуць і Санька з Міколкам –
усе з адной вуліцы, усе з адной школкі.
Нішто не разлучыць нашых сяброў!
Хіба толькі покліч мамы: “Дамоў!”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Зімовыя забавы - Андрэй Пятрусёу