Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сустрэча з непазбежнасцю

Нібы ў дзіўнай страшнай мары,
смерць блукае па абшары.
Куляй дзесь, а дзесь ракетай
вырывае жыцці з свету.
Пол, узрост, нацыянальнасць…
Усе там будзем. Як банальна:
век аджыў свой – спачывай.
А пакуль ты тут – трывай,
сцісні зубы, кулакі,
зброю не пускай з рукі!
Лёгка здацца – не ёсць выйсце.
Паспрабуй на бойку выйсці,
вер у сябе, перамагай –
знікне прэч твая туга.
А калі смерць заблукае,
цябе ў госці загукае,
усміхніся ёй нахабна,
выйдзі ёй насустрач зграбна
ўпэўненным шырокім крокам,
як выдатнік на ўроку.
“Што так доўга? Дзе была?
Колькі сёлета звяла?
Як занесла ў гэты край?
Як здарожылась – сядай,
толькі стаў у кут касу.
Я гарбаты прынясу.
Ты з варэннем ці з пячэннем?
Ах, не будзеш? Прабачэннне.
Баляць іклы, дыябет?
Круціць ногі і хрыбет?
Нахадзілася, накасілася…
На вакацыі ты б папрасілася.
Тыдні б тры плюс пяць дзён па кантракту.
Уся планета чакае антракту,
усім бы шчасця, кахання і доўгіх гадоў…
Ну, ды годзе. Пайшлі, я гатоў”.
На доўгі прамовы яна не цярпліва,
ахвяраў сабе абірае рупліва
па скораным позірку згаслых вачэй.
Твае ж – у люстэрка зірні – ярчэй
за сонца ў спякотным ліпеньскім небе.
Такіх не жадае яна, ёй не трэба
такіх бесклапотных, такіх бессаромных,
улюбёных у жыццё і нескароных.
Агідныя вусны скрывіўшы ў здзіўленні,
і з відавочным дэфектам маўлення
скажа: “Дзякуй за ветлівы, шчыры прыём,
ды ў мяне план квартальны, аб’ём.
Я засядзелася тут у цябе.
А ёсць яшчэ месцы, дзе людзі ў журбе,
страцілі веру, надзею, любоў.
Пайду я да іх. Жыві сто гадоў”.
З расчараваннем і ляскатам касцяным
пойдзе туды, дзе грукат вайны,
дзе вірусы, землятрусы, віхуры…
і дзе, найперш, чалавечая дурасць.
Бо праз яе, праз душэўную слабасць,
мы смерці даём і працу, і радасць.

(2016)

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Сустрэча з непазбежнасцю - Андрэй Пятрусёу