Верш Радуніца
Маім землякам – жыхарам адселенай вескі Рудня-Шлягіна Веткаўскага раёна прысвячаецца
Гэты дзень ён для многіх святы,
А для нас асаблівы да скону,
Не спыняюць машыны пасты,
Дазваляюць праехаць у “зону “.
Я гляжу на сваіх землякоў
І заходзіцца сэрца ад болю,
Лёс пакінуў нас без каранёў,
Чарнабыллем пазначаны долі…
На пагосце магілы дзядоў,
Як і мы без віны вінаваты,
Сустракаюць яны сваякоў
Раз у год… Гэта сумнае свята…
Пастаю каля родных крыжоў
І паціху пайду да дварышча,
Дзе мой род жыў з прадвеку вякоў,
Недзе цацкі мае на гарышчы…
Вось і роднага дому парог…
Я прысяду на ім у адчаю,
Колькі пройдзена розных дарог,
Толькі лепшай зямлі не знайшла я…
Хмызняком зарастае наш сад
І струхнела бацькоўская студня…
Калі б можна вярнуцца назад
Да цябе, мая родная Рудня…
Тут суседзяў маіх двары,
Дзе і спрэчкі былі, і гулянкі,
Працавалі ад самай зары
І гулялі да самага ранку.
Тут любілі прымаць гасцей
І любілі хадзіць у госці,
А цяпер сустракаюцца ўсе
Раз у год, ды і то – на пагосце.
Я гляджу на маіх землякоў,
Што па вёсцы знявечанай ходзць…
Божа, будзь міласэрдны: хай зноў
Усе сустрэнуцца ў будучым годзе.
Аляфціна Цімашкова (Мохарава)