Верш Запольскі памешчык
Запольскі памешчык
Памяці Ігната Дамейкі прысвячаецца
Кіруе маёнткам Заполле
памешчык Дамейка Ігнат.
Як пану, Дамейку ў запале
тут першую скрыпку іграць.
Аддаўся Ігнат гаспадарцы,
часопісам, кнігам па ёй.
Вучоны – чаму б не аддацца,
здзяйсняючы думак палёт?
Разводзіць пародзістых коней
і дбае аб долі сялян.
Іх дзеці, што вучацца ў школе,
Ігнату душу весяляць.
Паўзе ў адзіноце час-змейка.
Жыве ў адзіноце Ігнат.
Жыве ў адзіноце Дамейка.
За ім – паліцэйскі нагляд.
***
Калі над тваёю верандай
праносяць каметы хвасты,
ці сняцца далёкія Анды,
што будзеш даследаваць ты?
Як зорачкі россыпам ягад
пачнуць над верандай мігцець,
ці сняцца далёкі Сант’яга
і тамашні ўніверсітэт?
Ці сняцца чылійскія шахты
і тамашнія руднікі?
Ці бачыш, Дамейка, у снах ты,
як горбяцца там гарнякі?
Ці сніш акіянскую пену
і над акіянам вятры?
Табе і не сніцца, напэўна,
што ў Чылі праславішся ты?
Як ноч россып зорак запаліць,
як сон немагчыма прагнаць,
што сніш у маёнтку Заполле,
вучоны Дамейка Ігнат?