Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На кожны званок міжгародны

На кожны званок міжгародны
Шчымліва сцінаецца слых:
Адрынь, абнясі, кут мой родны,
Ад вестак жалобных і злых.

Шчэ цепліцца ў печы цяпельца,
Яшчэ не змарнелі сады…
Учэпістай хваткай тапельца
Вяртаюся ў думках сюды.

Старэнькая маці, святая,
Адмольвае дзецям грахі,
Ад пасмаў сівенькіх світае,
Шырэюць цяпла берагі.

“Хоць поле маё перажыта,
Ды сею, саджу на дагляд,
Хай спеліцца вечнае жыта,
Абы не змарнела зямля”.

Бывае, не спіць усяночна
I думка сягае без меж…
Пакуль ты жывая – “сыночак”,
“Дачушка” – пакуль ты жывеш.

Мы ў сем’ях сваіх шматгалосых
Адвыклі ад роднай зямлі,
Ды нашыя вёсны, як вёслы,
Вяртаюцца ў першы заліў.

Хоць горад рэкламай іскрыстай
У цуды замор’я заве,
Старэнькая хата, як прыстань,
Ратуе ад бур і завей.

Гудок абарву міжгародны:
Даволі ў мурах мне гібець,-
Дзень добры, куточак мой родны,
Я еду, матуля, к табе!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш На кожны званок міжгародны - Алесь Камароўскі