Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш А ўсё ж вінаваты і я

А ўсё ж вінаваты і я:
Суладдзе ў прыродзе парушана.
Паменшала птушак сям’я,
I рыба бяздумна патручана.

Няма чым віну апраўдаць,
Сумленне маё зацярушана:
Баяўся адкрыта крычаць,
А толькі даводзіў нязмушана.

I я вінаваты у тым:
Без толку балотца асушана.
Напэўна, і ў слове маім
Трывога гучала прыглушана.

Што сосны трывожна шумяць,
Што ў лузе без кнігавак ціха,
Патрэбна было закрычаць,
А я, нібы пташачка, ціўкаў.

Верш А ўсё ж вінаваты і я - Юрась Свiрка