Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мяккія рукі (З народнага)



На белым свеце
Жылі дзве сяструлі.
Аднаго бацькі,
Адной матулі.
А лёс, як звычайна,
Дзяліў адпаведна:
Багацце – багатай,
А дзеткі – беднай!
А песня-забаўка
Ліха гукала,
А песня спявала
Сваё памалу:
– Люлі, люлі, малое,
А налета – другое.
Люлі, люлі, Несцерка,
А налета – шэсцерка!
Сястра багатырка
Ўзяла немаўлятка.
Малечы цётка
Стала за матку.
I год праходзіць,
Другі мінае,
Дачушку маці
Штодня ўспамінае:
“Як там яна
У багатай хаце?..”
Пайшла праведаць
Дачушку маці.
А вузкую сцежку
Сляза звужае.
Прыйшла не як маці –
Як цётка чужая.
…А частавалі
Сытой салодкай.
Ідуць праводзіць
За рэчку цётку,
А цётка просіць
Багатую матку:
– Малую перанясу
Цераз кладку.
Малая й кажа
(А словы з дакукі):
– Мама,
А ў цёткі
Мякчэйшыя рукі…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мяккія рукі (З народнага) - Рыгор Барадулін