Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Вось п’едэстал

Вось п’едэстал –
Як памяці прывал.
Гвардзейскі знак пад зоркаю ў пяць промняў.
Я ўспомніў вас, таварыш генерал,
Я ўспомніў бой,
Той бой пад Полацкам успомніў.
…Пярэдні край зламалі ўжо штыкі,
Ужо за намі бліндажы і доты.
Спазніліся сюды штурмавікі:
Пяхота абагнала самалёты.
Запознена з-пад блізкага крыла
Дыхнулі ўніз нябэсныя “кацюшы”;
Пакуль ракета бледная ўсплыла,
Пакуль камбат хрысціў чыесьці душы, –
Ляглі свае… ляглі свае.
Уздрыгвалі пясчынкі перавала.
Па-над Дзвіной, што млела ў сіняве,
Мы пахавалі першым генерала.
Хадзіў з пяхотай ён нярэдка так;
Ён адчуваў няўлоўнае імгненне,
Што вызначала спеласць наступлення
Перад мяжою зацяжных атак.
Дывізія далей нясла штыкі,
Гарачыя ад дыму і спякоты.
Было – спазніліся штурмавікі:
Пяхота абагнала самалёты.

Верш Вось п’едэстал - Аляксей Пысін