Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Да хворай маці

Глядзелі зорак
Далёкіх вочы
На сонны востраў
Майго сяла
А я – дарогай
Начной, сірочай
Праз лес, праз поле,
Праз снег ішла.

А я – дарогай
Штосілы бегла.
А да райцэнтра –
Няблізкі шлях.
Ды дваццаць вёрстаў,
Хіба адлегласць?
Тых дваццаць вёрстаў –
Шчымлівы страх.

А там – на ложку
Бальнічным мама,
Там мой пачатак
I мой працяг…
Сціскала сэрца
Няўхільнай драмай,
Ляцеў пад ногі
Бясконцы шлях.

Душылі слёзы,
Расла трывога.
Сябе маліла:
– Хутчэй, хутчэй…
Дайшла нарэшце,
А ад парога
Насустрач мама –
Цяжар з плячэй.


Верш Да хворай маці - Яўгенія Мальчэўская