Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Светцы

Нічога, дачушка, нічога, трымайся!
Мы пойдзем з табою да летняй ракі.
Ты бегай па лузе, спявай і здзіўляйся,
Глядзі, як між кветак трымцяць матылькі.

А дрэнных здарэнняў на свеце хапае.
Бывае пакутней, бывае страшней.
Бывае, што чорная смерць забірае
Такіх, як і ты, нават меншых дзяцей.

А ты знепрытомнела толькі на момант,
I жыць табе, жыць яшчэ доўга, павер.
Паветра ў кватэры павісла, як молат,
I вецер за вокнамі вые, як звер.

Як ты напужала і маму, і тату,
I брацік, прыціхшы, з трывогай глядзіць.
Секундная стрэлка ў кружку цыферблата,
Як тонкая жылка, нацята дрыжыць.

Глядзіць піяніна з праёма дзвярнога,
I лямпачкі люстры як свечкі гараць.
Ну што ж ты, дачушка, не скажаш нічога,
Чаму твае вочкі так сумна глядзяць?

Нічога, дачушка, нічога, трымайся!
Я “хуткую” вызваў, яна ўжо спяшыць,
Ты толькі што-небудзь скажы, заўсміхайся
I вер мне, што доўга табе яшчэ жыць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Светцы - Янусь Малец