Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Колькі ж?

Ля мяжы Глыбокага з Паставамі
Спіць маё далёкае Хрыстова…
У бацькоўскай хаце па-над лаваю
Абразы глядзяцца ў ноч бязмоўную.

Я імкну туды душою грэшнаю,
Я крычу балюча-звар’яцела –
Там мае пачуцці найчысцейшыя,
Там душа, а тут – у Мінску – цела.

Тут усё пракурана-прапітае,
Тут і сны напоўнены далярамі,
Ёсць і тут, вядома ж, душы чыстыя,
Ды яны, як сонейка, за хмарамі.

Ды і там – няшчасці ў хатах стомленых,
П’яны сын ганяецца за бацькам…
Што такое, людцы, з вамі зроблена,
Ну адкуль такое ў нас вар’яцтва?

Як струна, нямая ціш напружана,
Зоркі за вакном і тыя ў скрусе.
Колькі ж – хто падкажа?! – Богам суджана
Нам яшчэ ісці да Беларусі?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Колькі ж? - Янусь Малец